Местный благотворительный культурно-исторический фонд памяти Первой мировой войны «КРОКІ”

Прыхач Уладзімір Уладзіміравіч

 

Шматлікія навукова-папулярныя выданні і інтэрнэт-старонкі апошнім часам растыражыравалі адзін з найлепшых здымкаў Першай сусветнай вайны на якім адлюстраваны не тылавы побыт, а эпізод сапраўднага  бою. Захоўваецца фотаздымак у казённай ўстанове “Расійскі Дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў” у Маскве (Фонд 2144, Оп.1, Д.850, Л.25).

Наступленне 1-га батал'ёну 14-га Грузінскага палка падчас шрапнэльнага агню

Выканана фота 13(26 па н. ст.) верасня 1915 года выдатным фотамайстрам А.У.Мартынавым і мае назву «Наступленне 1-га батал’ёну 14-га Грузінскага палка падчас шрапнэльнага агню». Як высокі прафесіянал сваёй справы, аўтар суправадзіў фотаздымак тлумачальным запісам: «Знята апаратам 6×9 см. і павялічана амаль удвая. Недатрыманы негатыў пасля шэрагу ўзмацненняў і апрацовак даў усе дэталі аблокаў і выбухаў». Драматызм атакі двух дзесяткаў рускіх салдат на кадры зафіксаваны ў выглядзе ляжачых на зямлі параненых і забітых воінаў, а белыя купіны ад выбухаў шрапнэльных снарадаў поўняць неба.

За мужнасць і вытрымку пры выкананні сваіх абавязкаў у снежні 1915 года Анатоль Уладзіміравіч Мартынаў быў узнагароджаны ордэнам св. Ганны 4-й ступені з надпісам «За храбрасць». У наградным лісце ад 12(25) лістапада 1915 года было адзначана: «Штабс-капітан Мартынаў, будучы камандзіраваны для выканання фатаграфічных здымкаў у часці 2-га Каўказскага корпуса, у перыяд баёў з 11 па 16 верасня выдатна выканаў ускладзенае на яго даручэнне.

   Здымкі зроблены ва ўсіх палках у час саміх баёў, калі супернік, развіваючы артылерыйскі і ружэйны агонь, настойліва атакаваў на працягу некалькіх дзён (з 11 па 16 верасня гэтага года) часткі Каўказскай грэнадзёрскай дывізіі ў вёсак Чаркасы, Багданоўка, Шымакі, Малявічы і Навасёлкі. Па сведчанню начальніцкіх асоб гэтай дывізіі, фатаграфаванне і накіды розных момантаў бою адзначаным обер-афіцэрам праводзіліся ў поўным спакоі і самааддана».

   З прадстаўлення на ўзнагароду вынікае, што здымак быў зроблены ў нашым смаргонскім краі, пад Крэвам. Узнікла жаданне паспрабаваць знайсці дакладнае месца атакі грэнадзёраў і пачаўся пошук іншых звестак пра падзею

Картсхема меркаванага месца фотаздымкі

З ліставання камандзіраў Эрыванскага і Грузінскага палкоў стала вядомым, што бой 13(26) верасня 1915 года адбыўся каля в.Малявічы. У ходзе баявой аперацыі вызначыўся капітан 14-га Грузінскага палка Акакій Атхмезуры, які са сваімі падначаленымі “прыпыніў прасоўванне праціўніка, што дало магчымасць эрыванцам утрымацца на пазіцыі, а астатнім часцям, сабраўшыся, зноў выйсці на лінію нашай дывізіі”. У наступным годзе, пры правядзенні немцамі 20(02.08) ліпеня 1916 года газавай атакі пад Смаргонню, палкоўнік А.Атхмезурі здзейсніў свой бессмяротны подзьвіг і быў пахаваны каля сцен Міхневічскай царквы.

Oxmezuri_mog
Месца пахавання палкоўніка А.Атхмезурі

Пра напружаны характар баёў у той мясціне таксама сведчыць і загад камандуючага Х арміі ад 2(13) лістапада 1915 года за №1270 на ўзнагароджанне Георгіеўскім аружжам прапаршчыка Мікалая Стэфанавіча Андрушкевіча. У дакуменце адзначана, што М.С.Андрушкевіч у час баёў “каля в.Вярэбушкі 12 – 14 верасня 1915 года адбіў ротаю неаднаразовыя атакі суперніка і заўважыўшы прарыў немцаў да важнага пункта пазіцыі, якім з’яўляліся могілкі, кінуўся з часткай роты ў штыкі на прарваўшыхся немцаў, большую частку якіх перакалоў, а астатніх звярнуў ва ўцёкі”.

Малюнак мясцовасці

Удакладніць канкрэтнае месца выканання здымка дапамог добры знаўца крэўскіх ваколіц, дацэнт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдат культуралогіі Янка Трацяк. Па яго меркаванню, гэтае месца «хутчэй за ўсё ёсць Дзёсны (між Маляўскімі горамі і Клышкамі). Салдаты бягуць у бок нямецкіх акопаў каля Вярэбушкаў. Там і зараз голае поле-пагэтаму яго вельмі лёгка пазнаць па рэльефу». Пасля наведвання мясціны асабіста ўпэўніліся ў правільнасці такога меркавання. Такім чынам па фотаздымку было ўзноўлена месца, якое сто год таму стала арэнай крывапралітных баёў.

Сучасны выгляд мясцовасці кравапралітнага бою 13 верасня 1915 г.

Нельга абысці ўвагай персону самаго аўтара фотаздымка. На жаль, аб мастаку і фатографу Анатолю Уладзіміравічу Мартынаву (1872-1962) знойдзена не шмат звестак.

Фатограф А.У. Мартынаў

Вядома, што вучыўся ён у Пецярбурскай Акадэміі мастацтваў у А.Макоўскага. Перад імперыялістычнай вайной друкаваў свае акварэлі і малюнкі ў часопісах, у пасляваенны час афармляў паштоўкі ўкраінскіх гарадоў, удзельнічаў у мастацкіх выставах. Адным з першых сярод крымскіх мастакоў у 1944 годзе быў прыняты ў Саюз мастакоў СССР. Вядомай стала яго распрацоўка этыкеткі знакамітага крымскага віна » Чорны доктар», якая стала візітнай карткай завода.

   Але самымі плённымі ў творчым плане, як гэта не сумна гучыць, сталі годы ваенных выпрабаванняў Першай сусветнай. Як начальнік палявога аддзялення Ваенна-Вучонага архіва пры штабе 10-й рускай арміі Заходняга фронта штабс-капітан А.У.Мартынаў выконвае тэхнічныя фотаздымкі для ваенных патрэб. У яго абавязкі ўваходзіць здымка панарам для вайсковых часцей і тапаграфічных аддзелаў штаба арміі, фотаздымка для контразведкі і штаба Заходняга фронта. На яго ўскладзена фотафіксацыя магіл, выкананне партрэтаў, навучанне іншых фотамайстроў. У справаздачы 1917 года аб сваёй дзейнасці было адзначана, што за 28 месяцаў службы агульная колькасць вырабленых ім негатываў склала 1844 адзінкі, а адрукаваных картак — 92476.

   На фронце Мартынаў працягвае маляваць, яго мастацкія працы друкуюць часопісы «Солнце России», «Лукоморье», » Искры». Апошні часопіс таксама змяшчае яго аўтарскую фотакарэспандэнцыю.

Фотакарэспандэнцыя А.У.Мартынава

У сувязі з тагачаснай франтавой цэнзурай і адсутнасцю пазначэння месцазнаходжання аб’екта ці відарыса, сёння вельмі цяжка вызначыць дзе ў нашым краі былі зроблены яго малюнкі і фотаздымкі. Але гэта магчыма. Супаставіўшы звесткі з розных крыніц, адзначым, што А.В.Мартынаву належыць фотааповяд пра агітацыйны прыезд летам 1917 года А.Керанскага на пазіцыі пад Смаргонь і Крэва. Дзякуючы працам Анатоля Уладзіміравіча стаў вядомым побыт і франтавое жыццё жаночага батал’ёна Марыі Бачкаровай на Смаргоншчыне. Так што «прачытаць» гісторыю фотаздымка можна і праз стагоддзе.

Закрыть меню