Местный благотворительный культурно-исторический фонд памяти Первой мировой войны «КРОКІ”

ТУПАЛЬШЧЫНСКІ МОСТ

Прыхач Уладзімір Уладзіміравіч

З часоў Першай сусветнай вайны непадалёку ад Жодзішак захаваліся магутныя бетонныя апоры чыгуначнага моста праз Вілію. Гэты ўнікальны і адметны помнік тых трагічных падзей не пакідае абыякавым кожнага, хто сутыкаецца з ім. Моцныя асабістыя ўражанні першага знаёмства з аб’ектам перараслі ў жаданне даведацца як мага больш пра гісторыю існавання “быкоў” ці “рэзакоў”, такія яшчэ назвы маюць апоры ў мясцовых жыхароў.

Тупальшчынскі мост 2009 г.
Тупальшчынскі мост 23.08.2015 г.

Спатрэбілася больш за дзесяцігоддзе, каб знайсці некаторыя звесткі, якія распавядаюць пра ўзнікненне і пазнейшае занядбанне моста.

У час пошуку матэрыялаў пра былы маёнтак Тупальшчына, які знаходзіўся побач з аб’ектам, была знойдзена друкаваная рэклама аднайменнага лецішча сярэдзіны 1930-х гадоў.  У ёй знаходзіўся фотаздымак згаданага моста.

Тупальшчынскі мост 1935 г.

Упоперак Віліі стаяць змрочныя бетонныя “быкі”, ужо адсутнічае цэнтральная апора, знікла драўляная частка апор і гарызантальны насціл моста. У міжваенныя гады яго выгляд амаль цалкам нагадвае сённяшні стан.

Як вядома, пасля нямецкай акупацыі краю, зыходзячы з ваенных патрабаванняў, германскае камандаванне восенню 1915 года прыступае да пабудовы чыгуначных дарог. У тыле нямецкай арміі ў поўнай меры выкарыстоўваецца магчымасць ракадных чыгунак, гэта значыць чыгунак, якія праходзяць паралельна лініі фронту. Праз нашу тэрыторыю пралягае ракада працягласцю прыкладна ў 220 кіламетраў: ад станцыі Ігналіна праз Відзы-Кабыльнікі-раз’езд №12-Жупраны да станцыі Вайгяны. Важнае стратэгічнае значэнне ў нямецкім тыле адыгрывае станцыя Солы-Усход, якая сёння добра вядома як чыгуначная станцыя Солы. Яна становіцца перагрузачнай станцыяй з шырокай на вузкую каляю ў 60 см., на ёй будуецца нямецкае паравознае дэпо вузкай каляі і шматлікія вайсковыя склады. Адсюль адыходзяць на перадавую шматлікія сілкуючыя вузкакалейкі.

Каб пераадолець хуткаплынную і паўнаводную перашкоду ў выглядзе ракі Віліі, на смаргонскім прамежку гэтай воднай стужкі немцы ўзводзяць масты каля Смаргоні, Рыбакоў, Данюшава, Гаравішак, Пільсцяў, Жодзішак, Плавушкак, Тупальшчыны, Вінцэнтава і Рымшынентаў. Большасць з іх прыстасавана пад ваенна-палявыя вузкакалейкі на коннай цязе. З успамінаў былога войта Жодзішкаўскай гміны міжваеннага часу Фелікса Жылкі, які нарадзіўся у недалёкім ад тупальшчынскага моста Стаўбуцеве (іншая назва Саўгуцева) і правёў там свае маладыя гады, можна даведацца, што ў красавіку 1916 года “немцы распачалі пабудову вузкакалейнай чыгункі з вёскі Солы праз Старую Рудню, па мосце праз Вілію ў маёнтак Тупальшчына, потым у Працуты, адкуль яна разгаліноўвалася да вёсак Бібкі і Нястанішкі. Яны таксама пабудавалі аэрадром на палях Тупальшчыны, летам мы здалёк назіралі за прызямленнем і ўзлётам невялікіх самалётаў, раней мы іх ніколі не бачылі”. У гэтым урыўку ўспамінаў аўтар узгадвае мост у суседняй з Тупальшчынай мясціне Плавушка.

Нямецкая карта ліпень 1917 г.

Па гэтым мосце праходзіла конная вузкакалейка, была магчымасць праезду аўтатранспарту. Перад мостам знаходзіліся ледарэзы з бетону, якія падчас крыгаходу “рэзалі лёд як масла”. Сёння ад моста ў Плавушцы захаваліся на правым беразе ракі рэшткі апоры і ледарэза, часткі другой апоры на левым беразе.

Мост у Плавушцы 1917 г .
Рэшткі маста ў Плавушцы. Сучаснае фота

Толькі другі мост у Тупальшчыне будуецца цалкам пад выкарыстанне цягніка. Дзякуючы звесткам і фотаматэрыялам, якімі падзяліліся краязнаўца Алег Мізула і сталічны даследчык Уладзімір Багданаў, стаў вядомым не толькі тагачасны выгляд моста, некаторыя памеры, але і тэхналогія яго будаўніцтва. На фотаздымках, пазначаных 19 і 20 ліпенем 1917 года, мост выкананы ў драўляных канструкцыях.

07 Тупальшчынскі мост 19.07.1917г.
Тупальшчынскі мост 19.07.1917 г.
Тупальшчынскі мост 20.07.1917 г.

Пры першым знаёмстве з нямецкімі фотаздымкамі і надпісамі на адваротным баку здымкаў здзівіў той факт, што вышыня моста была ўдвая большая за вышыню саміх бетонных апор і складала 14 метраў, адлегласць паміж апорамі ў вадзе складала 12 метраў, на беразе – 5 метраў, даўжыня моста вызначалася ў 300 метраў. На фотаздымках з верасня 1917 года па мосце адкрыты рух цягнікоў.

Тупальшчынскі мост 11.09.1917 г.
Тупальшчынскі мост 11.09.1917 г.
Тупальшчынскі мост 11.09.1917 г.

Яго першапачатковую драўляную канструкцыю ў другой палове 1917 года ўмацоўваюць ад наступстваў будучага крыгаходу трывалымі маналітнымі апорамі-рэзакамі. Бетон залівалі вакол драўляных паляў, якія з цягам часу згнілі і таму сёння з іх адтулін растуць маладыя дрэўцы.

Тупальшчынскі мост
Тупальшчынскі мост

Інжынерныя разлікі і якасць будаўніцтва дазволілі прастаяць канструкцыям да нашых дзён, за выключэннем адной апоры, якая была падмыта Віліяй, павалілася на бок і ўжо летам 2012 года ляжала ў вадзе.

   Чыгуначная ветка са станцыі Солы-Усход праз Старую Рудню выходзіла на Тупальшчыну. На поле на ўсход ад в. Працуты была уладкавана станцыя і разваротнае кола. Далей чыгунка разыходзілася ў паўночным і ўсходнім кірунках, на в. Паляны і в. Свінка (цяперашняя назва — в. Малінавая).

Нямецкая карта 1917 г.

Пабудаваная немцамі для патрэб фронту чыгунка ў наступным годзе страчвае сваё значэнне, па ёй у 1918 годзе вывозіцца з былых пазіцый ваенны рыштунак, матэрыялы, а потым разбіраецца і само чыгуначнае палатно. Пацвярджаюць такое меркаванне ўспаміны Фелікса Жылкі, дзе занатавана: “Надышоў канец вайны, але наша становішча было цьмяным… Немцы, якія адыходзілі, забіралі толькі тое, што лічылі сваім, а нашым лёсам яны не цікавіліся”. Са згаданых успамінаў стала вядома і канчатковая дата знішчэння верхняй драўлянай часткі Тупальшчынскага моста. У першай палове ліпеня 1920 года ў гэтых мясцінах адбылася “сутычка бальшавікоў з атрадамі 15-га палка пяхоты Велькапольскай, які ноччу адступіў на левы бераг Віліі, падпаліўшы за сабой драўляныя масты на Віліі каля маёнтка Тупальшчына”.

Ужо ў 1923 годзе на месцы мастоў ў недалёкай Плавушцы і Жодзішках дзейнічаюць паромы. Узарваўшы цэнтральную апору Тупальшчынскага моста, выключалася магчымасць выкарыстання яго ў пасляваенны час. Магчыма, цэнтральны ледарэз мог быць прыбраны ўладамі ў міжваенны перыяд пры ачыстцы рэчышча Віліі ад  перашкод, для лепшага суднаходства і плытагонства. У любым выпадку, бетонныя “быкі” з гэтага часу больш ніколі не выкарыстоўваліся па свайму непасрэднаму прызначэнню, прыцягвалі увагу хіба што тагачасных адпачываючых Тупальшчынскага летняга пансіяната, а ў савецкія часы сваёй таямнічасцю выклікалі цікавасць у водных вандроўнікаў і рыбакоў. Так, сплаўляючыся па Віліі восенню 1965 года, іх стан адлюстраваў на фотаздымку вядомы даследчык і падарожнік Чэслаў Кудаба, але памылкова аднёс мост да Нястанішак.

Фота 1965 г. з кнігі Ч.Кудабы
Тупальшчынскі мост. Сучаснае фота

На польскіх фота 30-х гадоў бачны тонкія «разакі» на правым беразе ракі, якія прастаялі да 70-х гадоў мінулага стагоддзя і былі знішчаны пры закладцы кар’ера для будаўніцтва дарогі Жодзішкі — Сыраваткі. Па звестках краязнаўца Казіміра Раковіча, у той жа самы час былі зраўнаваны рэшткі насыпаў і месцы былых збудаванняў каля в. Працуты. Як паведаміў краязнаўцу мясцовы жыхар Эмерык Жылка, у раёне разваротнай пятлі да 60-гадоў ляжалі часткі паравоза, пакуль яго не парэзалі аўтагенам на металалом.

На старонках газеты “Русское слово”, у нумары за 14 студзеня 1915 года, з’явілася паведамленне наступнага зместу: “Вільна, 11 студзеня. У маёнтку Тупальшчына, Свянцянскага ўезда, пахавана цела памерлага ад ран карнета Яўгенія Іосіфавіча Бакшанскага”. Склеп сямейнай капліцы Бакшанскіх на правым беразе Віліі стаў апошнім зямным прыстанкам гэтага мужнага салдата імператарскай рускай арміі. Загінуў у той вайне і яго старэйшы брат Ян, паручнік 4-га этапнага батальёну, кавалер Св. Станіслава ІІ і ІІІ ступені, ордэна Св. Ганны ІІІ ступені. Таму ў міжваенны час, гледзячы з вокнаў сваёй сядзібы на рэшткі моста, іх маці Анэля Бакшанская бачыла ў ім не помнік інжынернай думкі, а збудаванне, па якому рухаўся вораг, перавозілася зброя, якая ў сваю чаргу сеяла смерць і людскія пакуты.

Закрыть меню