Смаргонскі след піянера касманаўтыкі
Уладзімір Прыхач
Вядомага канструктара ракетнай тэхнікі і апантаннага прапагандыста міжпланетных палётаў Макса Валье можна смела назваць “нямецкім Цыялкоўскім”. Яго галоўная кніга 1924 года “Палёт у сусветную прастору як тэхнічная магчымасць” да 1930 года вытрымала шэсць перавыданняў, стала бестсэлерам таго часу ў Германіі, набыла вялікую папулярнасць у Савецкім Саюзе пасля выхаду яе пераклада ў 1936 годзе.
Разам з іншымі знакамітымі распрацоўшчыкамі ракет М.Валье стаяў ля вытокаў будучых палётаў чалавека ў космас. Сам канструктар прынцыпова адрозніваўся ад большасці ракетчыкаў, так як ніколі не працаваў на ваеннае ведамства і лічыў, што космас служыць для міра на Зямлі, а таму пры яго асваенні павінны быць забыты спрэчкі і войны. Гэтыя яго перакананні сфармаваліся і ўмацаваліся ў гады Першай сусветнай вайны на розных участках фронта, дзе яму прыйшлося зведаць ваенныя выпрабаванні, у тым ліку і пад Смаргонню.
Як адзначала ва ўспамінах маці Макса, ён не меў энтузіазма служыць у войску, аднак у 1915 годзе быў залічаны да 2-га Боценскага тэрытарыяльнага палка каралеўскіх стральцоў аўстрыйскага войска. Так як да прызыву ў армію Валье на працягу трох семестраў вывучаў астраномію і метэаралогію ва ўніверсітэце Інсбрука яго з цягам часу пераводзяць у спецыяльны газавы батальён. Дадзены загад прадыктаваны тым “стратэгічным” разлікам, што яго веды могуць баць вартымі пры арганізацыі газавых атак. Некалькі месяцаў ён правёў на вучобе ў тыле, потым быў пераведзены на паўднёва-цірольскі фронт і толькі ў снежні 1916 года апынуўся ў нашых мясцінах. Магчыма, служыў М.Валье на буйнейшай вайсковай метэаралагічнай станцыі ў Солах, абсталяванне якой напрыканцы 1917 года было перабазіравана ў Вільню і на яе базе арганізавана віленская метэаралагічная станцыя.
Аднак не толькі назіранні за надвор’ем уваходзілі ў абавязкі салдата, нясе ён вайсковую службу і на перадавой. Як адзначаў вядомы папулярызатар касманаўтыкі Яраслаў Галаванаў у сваёй кнізе “Дарога на касмадром” Макс Валье: “ …Удзельнічаў ў газавых атаках пад Маладэчнам і каля маста праз Беразіну (?), недалёка ад таго месца, дзе рускія калісьці дабівалі адступаючыя карпуса Напалеона”. На захаваўшымся фотаздымку са студзеня 1917 года з-пад стальнога шлёма глядзіць на нас хударлявы сур’ёзны твар маладога, але ўжо досыць вопытнага салдата.
Аб смаргонскім перыядзе жыцця Макса Валье яго маці апавядала: “Ён быў прызваны на службу на метэаралагічную станцыю ў Расію, у аддзяленне, якое спецыялізавалася на газавых атаках. У час адной з атак ён выратаваў з пагрозай для асабістага жыцця цэлы полк ад смяртэльнага атрутнага газа, які стаў распаўсюджваўся ў супрацьлеглым кірунку з-за змянення накірунка ветра. Макс рызыкоўна кінуўся да машыны і спыніў яе дзеянне. За гэта учынак ён быў прадстаўлены да ўзнагароджвання Жалезным крыжом, які так і не атрымаў”. Уся гэтая гісторыя з газам была недаспадобы Валье, пасады ён цураўся і вышэй яфрэйтара па службе не прасунуўся. У хуткім часе пасля газавай атакі на смаргонскай пазіцыі Макс Валье быў пераведзены на армейскую метэастанцыю №17 імперскіх і каралеўскіх ваенна-паветраных сіл, якая знаходзілася на венгерска-румынскім фронце. Там ён атрымаў аўстрыйскую ваенную ўзнагароду – срэбную медаль за храбрасць пры “газавай атаке пад Смаргонню 25 лютага 1917 года”.
У час Першай сусветнай вайны М.Валье выдаў для франтавога чалавека ў траншэі невялікўю брашуру пад назвай “Буклет зорак для кожнага”, якая ў 1917 годзе выйшла ў мюнхенскай друкарні і хутка была распрададзена.
Кніжка павінна была займаць адзінокіх ахоўнікаў у доўгія часы начных дазораў. Яе аўтар разлічваў падштурхнуць салдат на асабістыя назіранні і дакладныя запісы аб тым, што было імі заўважана на небе. Самаўпэўнены малады даследчык, аб чым сведчыць той факт, што ён дабавіў свой партрэт на фронтыспісе брашуры, у невялікім творы дае кароткі экскурс у астранамічныя назіранні. Сярод тэм: Палярная зорка і сузор’я, прырода зорак, Сонца, планет, камет, метэораў і метэарытаў.
Шмат тысяч вайсковых дазораў стаялі кожную ноч на франтах Першай сусветнай вайны. Калі начное неба была чыстым і панаваў спакой у іх сектары фронта большасць салдат з цікавасцю глядзелі на зоркі і карысталіся дадзеным буклетам. У ім сярод навуковых тлумачэнняў знаходзілася актуальнае і ў сённяшні час сцверджанне: “Азірніся вакол! Які шырокі сусвет! Паглядзі, якім кароткім у ім ёсць зямное быццё і чалавечы смутак!
Даведка.
Аўстрыйскі піянер ракетнай тэхнікі, адзін з заснавальнікаў германскага Таварыства міжпланетных зносін Макс Валье нарадзіўся 9 лютага 1895 года ў горадзе Боцене ў Паўднёвым Ціроле (сёння гэта правінцыя Больцано-Боцен, Італія). Вучыўся ў мясцовай гімназіі Ордэна францысканцаў і адначасова з заняткамі ў 1911 — 1913 г.г. кіраваў прыватнай астранамічнай абсерваторыяй. У гэты час таксама набывае практычныя звычкі ў вобласці тэхнікі, працуе ў майстэрні дакладнай механікі.
У 1913 годзе паступіў у Інсбрукскі ўніверсітэт, выбраўшы сваімі спецыяльнасцямі астраномію, матэматыку і фізіку. Вучоба была перапынена падзеямі Першай сусветнай вайны, у час якой быў прызваны ў аўстра-венгерскае войска. Пасля вайны працягнуў навучанне спачатку ў Венскім, затым – Інсбрукскім і, нарэшце, у Мюнхенскім універсітэтах. Адначасова займаецца журналістыкай (першы дэбют адбыўся ў 1910 годзе), піша навукова-папулярныя артыкулы і кнігі па касманаўтыцы.
Макс Валье распрацоўвае канструкцыі ракетных рухавікоў для аўтамабіляў, саней, дрэзін, лодак… Выказвае думку аб стварэнні рэактыўных самалётаў. У 1928-1929 г.г. працуе разам з Фрыцэм фон Опелем, для якога гэта сумесная дзейнасць спрыяе рэкламе кампаніі “Опель”, а для Валье – садзейнічае прыцягненню ўвагі да ракетнай тэхнікі ў грамадстве. Загінуў канструктар у час эксперымента з вадкім ракетным рухавіком 17 мая 1930 года, калі аскепак выбухнуўшага рухавіка трапіў у аорту.
Памяць аб М.Валье да сённяшніх дзён беражліва захоўваецца ў Паўднёвым Ціроле, дзе ён шануецца як адзін з вядомейшых вынаходнікаў і навукоўцаў з гэтай правінцыі. Шэраг мясцовых устаноў названы яго імем.
У 1970 годзе у гонар Макса Валье названы кратэр на зваротным баку Месяца.