Памятка далёкай вайны
Уладзімір Прыхач
У пачатку восені 2019 года вядомы мясцовы краязнаўца і падарожнік Алег Мізула пазнаёміў з адшуканым ім загадкавым аб’ектам каля Казянят. На левым беразе “Козега рова” захаваліся да нашага часу два магутныя бетонныя цыліндры, большая частка якіх знаходзіцца пад зямлёю.

Адразу было цяжка вызначыць з якой нагоды яны паўсталі ў гэтым месцы, якое іх прызначынне, але па некаторым прыкметам стала зразумелым, што адносяцца памяткі да часоў Першай сусветнай вайны. Звычайна інтрыгуючая невядомасць падштурхоўвае да пошука адказа і ў чарговы раз пацвердзіла глыбокі сэнс беларускай прыказкі: “Хто шукае, той знаходзіць”.


Звярнуўшыся за дапамогай да сяброў, якія займаюцца ваеннай тэматыкай, у хуткім часе атрымаў адказ з Пастаўшчыны. Мясцовыя знаўцы той далёкай вайны выказалі меркаванне, што гэтыя бетонныя часткі з’ўляліся месцам швартоўкі прывязнога нямецкага аэрастата. У пацверджанне сваёй думкі яны даслалі фотаздымкі амаль аналагічных і аднолькавых па памерах бетонных цыліндраў з месца стацыянарнага базіравання аэрастата ў іх рэгіёне.

З меркаваннем калег згадзіўся вядомы маскоўскі даследчык авіацыі Марат Хайрулін.
У зводцы звестак аб праціўніку за час з 4 на 10 верасня 1916 года па 2-й рускай пяхотнай дывізіі маецца пацверджанне факта знаходжання аэрастата паблізу Казянят. Сярод звестак, здабытых наглядам, узгадваецца “пасадка нямецкага аэрастата каля лесу на поўнач ад ф.Гаравішкі”. Адлегласці ад аэрастата да Казянят і Гаравішак амаль аднолькавыя, але знаходжанне маста праз Вілію каля апошняга населенага пункта прыцягвала пільную ўвагу з боку рускіх назіральнікаў не толькі да самаго стратэгічнага аб’екта, але і да яго наваколляў.
Сустракаецца назва Казянят у пераліку станцый нямецкіх аэрастатаў на нашым участку фронта, што таксама пацвярджае выказаную здагадку.

Між іншым, на Смаргоншчыне паветраныя станцыі праціўніка знаходзіліся ў Пастарынях, Працутах, Мартышках (сучасныя Бярозы), Лычніках, Стымонях, Аславенятах, Панары і ў наваколлях Крэва.
Неабходна заўважыць, што паралельна вісела ў паветры падобная гірлянда аэрастатаў і з боку рускай імператарскай арміі. Па звестках лета 1916 года, на фронце 2-га Каўказскага корпуса ад в.Перавозы да ф.Сялец, назіралі за нямецкімі пазіцыямі змейкавыя аэрастаты са станцыі Залессе і фальварка Копанае Балота. У некаторых выпадках для назірання за ворагам прыцягваўся аэрастат 19 роты 20-га корпуса, месцазнаходжанне якога пакуль дакладна не высветлена.
Прывязныя аэрастаты, трапна празваныя французамі “сасіс”, а нашымі салдатамі –“калбасамі”, выкарыстоўваліся для назірання за праціўнікам. Безперапыннае і пільнае сачэнне за размяшчэннем ворага на невялікіх участках разведкі дазваляла паветраным назіральнікам дасканала вывучыць свой раён, ведаць усе яго дэталі і ўвесь час трымаць яго пад кантролем. Ад “паветранага вока”, як немцы празвалі аэрастаты, немагчыма было нідзе схавацца, так як з вышыні ў 1000 метраў у бінокль заўважаўся рух абозаў на адлегласці да 15-20 вёрст. Ствараў аэрастат і вялікую перавагу пры карэкціроўцы артылерыйскага агню. Назіральнік –артылерыст, які знаходзіўся ў кошыку аэрастата меў магчымасць непасрэдна звязацца па тэлефону з той батарэяй, з якой вялася стральба і сурьёзна дапамагаў сваім таварышам па службе.

Уявіць уражанне ваеннага службоўца ад знаходжання на паветранай “назіральнай вышцы” каля Аславенят дае магчымасць вытрымка з гісторыі нямецкага 251 рэзервовага пяхотнага палка, якою ветліва падзяліўся знаны сталічны даследчык Уладзімір Багданаў. З кошыка аэрастата летам 1917 года ў добрае надвор’е можна было ўбачыць не толькі водную паверхню возера Нарач, але разгледзець сілуэты Вілейкм, Мінска, Вільні. На поўнач і поўдзень ад аславенятскай станцыі назірання на розных высотах цягнуўся цэлы шэраг нямецкіх аэрастатаў, з якімі можна было ў любы момант звязацца па тэлефону. Такі ланцуг “дывізіённых калбас” пралёг па тылавым пазіцыям і з боку рускай арміі. З вышыні назіральнік мог бачыць заняткі войск на пазіцыях і ў тыле, заўважаць пераходы салдат па мастах праз Вілію, а па ўспышках гармат і гуках стрэлу вызначаць артылерыйскія пазіцыі.
На працягу ліпеньскіх баёў 1917 года нямецкі назіральнік праводзіў наверсе 19 поўных гадзін без перапынку, з іх большую частку ноччу. Адзначыў аўтар успамінаў і той факт, што калі праводзіць на вышыні некалькі гадзін, негледзячы на спякотнае надвор’е, замярзалі ногі. Пры спуску нарастаючы атмасферны ціск прыводзіў да лёгкай тугавухасці, а цяпло на зямле ўспрымалася як трапічнае і непрыемнае.

З дзейнасцю прывязных аэрастатаў у нашым краі звязаны некалькі неардынарных падзей, вынікі якіх мы можам толькі сёння, праз стагоддзе, асэнсаваць і ацаніць. Першая з іх адбылася 6 лютага 1916 года. У гэты дзень для праверкі становішча на пазіцыях паміж Смаргонью і Крэвам на перадавую ў раён “гары Гіндэнбурга” пад Суцькава накіравалася камандаванне нямецкай арміі на Усходнем фронце.

У склад інспекцыі ўваходзілі камандуючы 10 арміяй генерал Герман фон Эйхгорн, начальнік штаба арміі падпалкоўнік Эміль Хелл, камандзір рэзервовага корпуса Карл Літцман, начальнік штаба корпуса Рудольф Менгельбір, камандзір 261 пяхотнага палка маёр Вільгельм фон Гоернье, іншыя афіцэры. Сярод высокапастаўленых асоб знаходзіўся прынц Оскар Прускі, пяты сын імператара Вільгельма, што надавала інспекцыі асаблівую ўвагу і значнасць. Дэлегацыя накіроваецца да вышыні на паўночнай ускраіне в.Суцькава, з якога адкрываўся шырокі від на рускія пазіцыі. Прыезд дэлегацыі быў заўважаны назіральнікамі рускага аэрастата і артылерыйскія батарэі адкрылі моцны агонь па вышыні. У выніку артылерыйскага абстрэлу загінуў падпалкоўнік Менгельбір, паранены падпалкоўнік Хелл, маёр Гоернье. Атрымаў лёгкае раненне шрапнэлью ў галаву і верхнюю часць сцягна прынц Оскар Прускі, пра што 8 лютага 1916 года паведаміў “Нью Йорк Таймс”, праўда без згадкі, дзе адбылася падзея. Пакуль застаецца невядомым, ці былі адзначаны рускія паветраныя назіральнікі ці назіральнік, якія перадалі каштоўныя звесткі артылерыстам.
Другая гісторыя звязана з паспяховай атакай на нямецкі аэрастат ваеннага лётчыка Грэнадзёрскага корпуснага авіацыйнага атрада Аляксандра Кваснікава. З загада па 10 арміі, ў сувязі з узнагароджаннем лётчыка Георгіеўскім крыжом 4 ступені, адзначана, што ён “1 чэрвеня 1917 года каля в.Панары на знішчальніку “Ньюпар”, негледзячы на магутны артылерыйскі і кулямётны агонь праціўніка, знізіўся на 900 метраў, смела атакаваў непрыяцельскі змейкавы аэрастат і спаліў яго запальнымі ракетамі “Ле Прыёр”. А.Кваснікаў быў першым рускім авіатарам, які з дапамогай ракет знішчыў аэрастат на руска –нямецкім фронце.
Сёння мы можам узнавіць і канчатковую дату выкарыстання аэрастатаў на смаргонскай зямлі, у тым ліку і на паветранай станцыі ў Казянятах. Пад’ём прывязных аэрастатаў спыніўся па ўмове 4 пункта падпісанага ў Солах “Дагавора аб перамір’і”. Дагавор набываў сілу з 12 гадзін 23.11(6.12) 1917 года на ўсім Заходнім фронце ад мястэчка Відзы да р. Прыпяць, гэта значыць у межах сучаснай Беларусі.