Местный благотворительный культурно-исторический фонд памяти Первой мировой войны «КРОКІ”

Конная атака Рускай Імператарскай кавалерыі пад Алянцом ці Удзячная памяць нашчадкаў

Сябра дабрачыннага фонду “Крокі”,

 краязнаўца Уладзімір Прыхач

Упершыню  пра мемарыяльнае месца ў Алянцы даведаўся дзесьці на мяжы стагоддзяў ад тагачаснай супрацоўніцы краязнаўчага музея Надзеі Маркавай. Руплівая захавальніца архіўных фондаў падзялілася сабранымі ўспамінамі мясцовых жыхароў, якія ўзгадвалі пры сустрэчы з ёю пра пахаванні побач з аўтобусным прыпынкам у вёсцы. Пазней знайшлася справаздача ад 15 лістапада 1937 года аб стане вайсковых алянецкіх могілак у Беніцкай гміне Маладзечанскага павета, куды ў той час уваходзіў Алянец. У справаздачы адзначалася, што могілкі ў Алянцы “сярэдняга стану захаванасці, бракавала тут аднаго надмагільнага крыжа і месца было не абгароджана”.

Публікацыі ў мясцовым друку цікавых матэрыялаў пра Першую сусветную вайну Н. Маркавай і выхад кнігі “Наша кровь у Сморгони” Ул. Лігуты садзейнічалі ўзнаўленню мясцовымі жыхарамі драўлянага крыжа на месцы пахаванняў.

Ранейшы крыж, на жаль, не захаваўся, так як быў страчаны ў пасляваенны час. Пасля праведзеных ваеннымі археолагамі даследванняў, у выніку якіх былі пацверджаны звесткі аб наяўнасці тут салдацкіх пахаванняў, Залескі сельскі савет правёў добраўпарадкаванне мемарыяльнага знака, былі пастаўлены новыя металічны крыж і агароджа, зацэментавана пляцоўка.

Але заставалася амаль невядомай сама падзея, пасля якой і з’явілася ў Алянцы мемарыяльная мясціна. Толькі ў час сёлетняга пошуку звестак пра яе раскрылася яркая старонка ваеннай гісторыі, якая ўвайшла ў летапіс “Конных атак Расійскай Імператарскай кавалерыі Першай сусветнай вайны”, надрукаваным у вераснёўскім нумары 1966 года часопіса “Ваенная быль”(памылкова аднесена да 1916 года).

Падрабязнае апісанне коннай атакі пад Алянцом, якая адбылася 6 (19 па н. ст.) верасня 1915 года, знаходзіцца ў журнале ваенных дзеянняў 13 –га уланскага Уладзімірскага палка. Напярэдадні полк атрымаў загад перайсці з –пад Багданава ў бок Смаргоні і праз Равы, Балобаны, Ракаўцы дайшоў да Няроўкі, дзе размясціўся на начлег у навакольных вёсках. Для паскарэння руху 13 кавалерыйскай дывізіі днёўка ў ваколіцы Крэва была адменена і таму раніцай 6(19).09.1915г. Уладзімірскі ўланскі полк на чале калоны галоўных сілаў у складзе шасці эскадронаў і з 4 –ма гарматамі выправіўся ў шлях. Праз Татарскае Паніззе, панскі двор Залессе полк падышоў у раён пераправы праз Вілію, дзе ў 3 гадзіны дня дазорны Нарвскага гусарскага палка, узводны ўнтэр –афіцэр  Аляксандр Талмачоў далажыў, што ў вярсце на ўсход ён сутыкнуўся з некалькімі эскадронамі немцаў. Неадкладна для атакі быў накіраваны дывізіён пад камандаваннем падпалкоўніка Аляксея Цвілінёва. Некалькі эскадронаў былі пасланы замкнуць пераправу праз Вілію каля Марыянполля і броду каля Рудні. Неіснуючы сёння населены пункт з назвай Марыянполле знаходзіўся на месцы Алянецкага перавозу, на левым беразе Віліі. Тут у гэты час існаваў паром, які мог перавезці не больш аднаго ўзвода пяхоты ці адну двухколку. Недалёка ад яго знаходзіўся брод, глыбінёй месцамі па “скакацельны сустаў каня”.

Падпалкоўнік А.Цвілінёў з дывізіёнам хутка накіраваўся па лясной дарозе ў бок Алянца. Але, калі яго дазоры падышлі да паўднёва –усходняй ускраіны вёскі, праціўнік адкрыў па ім агонь. Схаваўшы эскадроны за пабудовамі, падпалкоўнік спешыў узвод пад камандай карнета Александр Мевіўс –Сімішына і загадаў яму заняць ускраіну в.Алянец. Каб адрэзаць доступ да пераправы праз раку, быў патаемна выстаўлены ўзвод стралкоў пад камандай карнета Беластоцкага. Пятаму эскадрону спачатку загадана было выслаць узвод пад камандай карнета Яўгена Балка у лаву, гэта значыць, у атаку рассыпным строем, каб выклікаць агонь праціўніка і выявіць яго сілы. Калі агонь спешаных узводаў і манеўраванне лавай высветлілі сілы суперніка, а гэта быў 7 –ы  полк Прускіх конна –егерей  у складзе двух эскадронаў пры 4 кулямётах, падпалкоўнік Цвіленеў вырашыў  атакаваць германцаў у конным страі, аб чым папярэдзіў камандзіраў эскадронаў.

Ліха панесліся ўланы ў атаку, першым быў эскадрон на чале са сваім камандзірам ротмістрам князем Спірыдонам Чаўчавадзэ. Адначасова з ім, ахопліваючы флангі праціўніка, уступілі ў атаку эскадрон пад камандай ротмістра Канстанціна Ганьшына і эскадрон пад камандай штабс-ротмістра Генрыха Будкоўскага. Германцы аказалі геройскае супраціўленне. Калі эскадроны праскакалі першую лінію нямецкіх стралкоў, перасекшы і закалоўшы многіх з іх, тады застаўшыяся ў жывых германцы сабраліся і адкрылі часты і трапны агонь у тыл нашых эскадронаў. Уланы развярнуліся і пачалі іх пераследаваць.

Ні страшны ружэйны агонь, ні няспынная праца 4 –х  кулямётаў не маглі спыніць атаку Уладзімірскіх уланаў. Трапны агонь германцаў моцна разрадзіў шэрагі ўланаў, але ацалелыя працягвалі выконваць свой абавязак. Жменя нашых малайцоў, якія прабіліся скрозь непрыяцельскія рады, даскакалі да канаводаў і прымусілі іх да паспешных уцёкаў. З нямецкага боку выратаваліся толькі тыя кавалерысты, якія былі на конях і якіх рускія эскадроны не паспелі адрэзаць ад невядомага палку броду. Таксама невялікай колькасці “германцаў удалося дабрацца да бліжэйшага лесу, дзе на працягу трох сутак, асобнымі людзьмі яны здаваліся нашым праходзячым часткам”.

Галоўным вынікам коннай атакі стала ачышчэнне левага берага Віліі ад апошніх буйных частак праціўніка, што дазволіла нашай пяхоце пачаць бесперашкодную пераправу на правы бераг ракі. У час бою праціўнік страціў 3 –х  афіцэраў і больш за 100 ніжніх чыноў. Таксама было ўзята 2 кулямёты, шмат зброі і агульны гурт жывёлы ў 200 галоў.

Але 13 –ы ўланскі Уладзімірскі полк таксама панёс пры нападзенні вялікія страты: забіты карнет Яўген Балк, па дарозе ў шпіталь памёр ад раны карнет Дзмітрый Вярхоўскі. У брацкай магіле палка ў в.Алянец пахаваны 19 ніжніх чыноў таварышаў уланаў, якія загінулі слаўнай смерцю, побач пахаваны разжалаваны паручнік унтэр –афіцэр Александр Эртаў. У журнале ваенных дзеянняў 13 –га уланскага Уладзімірскага палка яшчэ адзначана, што пры коннай атацы было паранена 35 уланаў, забіта 62 і паранена 15 коней.

За мужнасць і адвагу ўланы атрымалі ўзнагароды. На сённяшні дзень выяўлена ў архівах, што за бой у Алянцы Георгіеўскай зброяй з надпісам “За Храбрасць” былі ўзнагароджаны:

Яўген Балк, карнет 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Генрых Буткоўскі, падпалкоўнік 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Канстанцін Ганьшын, падпалкоўнік 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Ордэн Св. Георгія 4 ступені атрымалі:

Аляксей Цвілінёў, палкоўнік 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Спірыдон Чаўчавадзэ, палкоўнік 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Георгіеўскім крыжом 3 ступені ўзнагароджаны:

Пётр Багданаў, малодшы ўнтэр –афіцэр 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Ілля Рыжкоў, малодшы ўнтэр –афіцэр 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Афанасій Гужоўскі, падпрапаршчык13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Улас Базылюк, унтэр –афіцэр 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Георгіеўскім крыжом 4 ступені ўзнагароджаны:

Пётр Кожын, малодшы ўнтэр –афіцэр 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Павел Кустоў, малодшы ўнтэр –афіцэр 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Емельян Тверяхін, яфрэйтар 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Іван Бірукоў, яфрэйтар 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Аглы Алі Садул, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Васіль Захараў, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Фёдар Агаркаў, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Альфрэд Пулк, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Пётр Панамароў, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Іван Задаражнюк, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Павел Дурнёў, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Андрэй Котаў, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Яфім Казакоў, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Васіль Юрко, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Андрэй Сінгачоў, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Сяргей Васільеў, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Ян Пексіс, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Пётр Пракапенка, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Аляксей Антонаў, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Іван Яўсеяў, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Аляксей Фядотаў, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Сяргей Пальчыкаў, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Дзмітрый Касенка, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Давід Болдыраў, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка;

Дзмітрый Тоціеў, добраахвотнік, улан 13 –га уланскага Уладзімірскага палка.

Мяркую, што гэта не поўны спіс герояў і ён дапоўніцца новымі імёнамі.

Каб не забываць гераічныя старонкі нашага мінулага, у суботу 27 лістапада 2021 года ў вёсцы Алянец Смаргонскага раёна прайшло адкрыццё мемарыяльнай пліты на помніку, які ўстаноўлены на месцы вайсковых могілак.

Каменная пліта стала адной з апошніх і, на жаль, незавершанай, работай заснавальніка дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду памяці Першай сусветнай вайны «Крокі» Барыса Барысавіча Цітовіча. Тэкст эпітафіі на помніку ў Алянцы быў ім падрыхтаваны пры жыцці. Сябры фонду “Крокі” вырашылі перанесці гэтыя словы на пліту менавіта так, як яны былі напісаны Барысам Барысавічам, паўтарыўшы ў камені яго рукапісны почырк. Такая невялікая і непрыкметная дэталь стане яшчэ адным напамінам аб выдатным чалавеку, які зрабіў неверагодна шмат для захавання памяці аб той Вялікай, але яшчэ нядаўна амаль забытай вайне.

У Алянцы адбыўся невялікі мітынг, на якім было расказана пра гісторыю ўзнікнення могілак, прайшла рэлігійная служба па асвячэнню помніка, загінуўшым былі аддадзены воінскія ўшанаванні.

Як высветлілася апошнім часам,  на гэтых вайсковых могілках знайшлі свой спачын іншыя салдаты той далёкай вайны, якія паміралі пры транспарціроўцы ў тылавыя шпіталі і былі пахаваныя ў Алянцы. Тут таксама знайшлі свой апошні зямны прытулак і ахвяры Другой сусветнай вайны. Як нідзе, на гэтым месцы пранікнёна гучыць прадбачлівы дэвіз Б.Б.Цітовіча: “Вайны дзве –памяць адна”. Наш абавязак –шанаваць такія месцы!

P.S. Пасля напісання матэрыялу, нечакана, знайшліся новыя цікавыя звесткі, якія раскрываюць яшчэ адну прызабытую старонку гераічных перамог Рускай Імператарскай конніцы ў нашых мясцінах. З журнала ваенных дзеянняў 13-га гусарскага Нарвскага палка, іншых архіўных спраў вынікае, што 6(19) верасня 1915 года (па іншых дадзеных, на дзень раней) галаўны раз’езд Нарвскага палка пад камандай карнета Фёдара Радзько ў складзе 7 чалавек пераправіўся праз Вілію і заняў паўднёва-ўсходнюю ўскраіну в. Рудня.

ПОДПИСЬ ФОТО

Укрыўшы коней ў стадоле, гусары ў пешым страі зладзілі засаду. Праз паўгадзіны з лесу з’явіўся раз’езд праціўніка ў 25 коней. Ён абстраляў нашых назіральнікаў, якія знаходзіліся на даху дома в. Рудня. Раз’езд карнета Радзько ў адказ таксама абстраляў праціўніка, а затым імклівай коннай атакай заняў заходнюю ўскраіну в. Ардзяя.

Давёўшы справу да ўдару халоднай зброяй, перамог праціўніка і, пераследуючы яго, захапіў у палон двух кірасіраў 5-га кірасірскага Баварскага палка 1-й кірасірскай дывізіі. Раз’ездам Ф. Радзько былі забіты 3 кірасіры, захоплены 3 кані, 4 карабіны, 20 пік, з якіх 11 пік перададзены Архангельскаму драгунскаму палку. 

Вынікам атакі было высвятленне сіл і групоўкі праціўніка, а таксама вызваленне в. Ардзяя ад непрыяцеля.

Карнет 13-га гусарскага Нарвскага палка Фёдар Радзько за гэты геройскі ўчынак быў узнагароджаны Георгіеўскай зброяй з надпісам “За храбрасць”.

Адзначаны Георгіеўскім крыжам 4 ступені наступныя гусары:

Браніслаў Невядомскі, гусар 13-га гусарскага Нарвскага палка;

Юган Вассен, гусар 13-га гусарскага Нарвскага палка;

Яфім Кострыкаў, гусар 13-га гусарскага Нарвскага палка;

Аляксей Лук’янаў, гусар 13-га гусарскага Нарвскага палка.

Гонар ім і слава!

Закрыть меню