Местный благотворительный культурно-исторический фонд памяти Первой мировой войны «КРОКІ”

Каму патрэбна памяць аб вайне

Цанунін Уладзімір Яфімавіч

 

ПРАЗ СТАГОДДЗЕ

Зялёна-жоўтым воблакам іпрыту

з туманам Нарачанкі на Усход

над вёскай абгарэлай і разбітай

вісеў вайны Вялікай трэці год.

 

У небе ў вышыні аэрапланы

бурчалі пад фанернаю бранёй.

Усё жыццё: надзеі, мары, планы

было жахліва зблытана вайной.

 

Рубцы траншэй зямлю падратавалі.

Бетонных шэрых дотаў шаламы

палохаюць здалёк лясныя далі,

а з неба попел, нібы снег зімы.

 

Прайшло амаль што цэлае стагоддзе,

але няма для памяці мяжы.

Час памірыў і могілкі ў Заброддзі,

і Свірскія нямецкія крыжы.

Нямецкія могілкі ў аграгарадку Засвір, Мядзельскі раён

ВАЙНЫ Я НЕ БАЧЫЎ НІКОЛІ

Вайны я, на шчасце, не бачыў ніколі,

ды сніцца яна мне ў начы,

бо шмат заімшэлых акопаў на полі

за вёскаю я налічыў.

 

Тут схронаў бетонных нямыя пачвары

на ўзлесках хаваюць бакі.

Вайна праз стагоддзе пагрозлівым тварам

глядзіць з іх на свет трапяткі.

 

Іржавых асколкаў вясной ручаіна

вадой вымывае з пяску.

З параненым целам старая хваіна

самотна стаіць убаку.

 

Над рэчкай Вяллёй адгрымела віхура

вайны той сусветнай даўно.

Заўсёды мароз прабягае па скуры,

калі гэта бачу ў кіно.

 

У бітвах крывавых тут побач стаяла

са смерцю жыццё на мяжы.

У краі азёрным ёсць месцаў нямала,

дзе моўчкі таўпяцца крыжы.

 

Шмат тысяч імёнаў нямецкіх і рускіх

навек аб’яднала вайна.

Не дай Бог яшчэ на зямлі беларускай

калі-небудзь грымне яна.

 

Народная памяць гадоў не баіцца,

бо гэта крыніца без дна.

Вайны я не бачыў, ды ноччу мне сніцца

Сусветная гэта вайна.

Памятны знак у гонар салдатаў - ахвяраў Першай сусветнай вайны

БЕЛАСТОЧЧЫНА

Ты была маіх продкаў вотчынай

з тых далёкіх сівых гадоў.

Беларуская Беласточчына –

край пушчанскі маіх дзядоў.

 

Бельс Падляскі ў асеннім золаце.

Тур на ратушы ў вышыні.

Між касцёламі клёны-волаты

параскідалі карані.

 

Тут здаўна з прыгажосцю гэтаю

жыў бабулін і дзедаў род.

Толькі з першай вайной сусветнаю

рушыць мусілі на Усход.

 

Век быў цяжкі і замарочаны.

Прамільгнуў ён у небыццё.

Толькі ў памяці Беласточчына

засталася на ўсё жыццё.

Нямецкі дот часоў Першай сусветнай вайны каля Смаргоні

РОЗДУМ

Паўз дарог курганы

ля крынічак жывых,

нібы рэха вайны

са стагоддзяў сівых.

 

А на полі ў раллі

след іржавых падкоў…

Многа ў нашай зямлі

«скарбаў смерці» з вякоў.

 

Не навесці масты

ў час, які ўжо адбыў,

дзе Георгій Святы

дзідай ворага біў.

 

Толькі памяць аб тым

у стагоддзях жыве.

Сонца лікам святым

зіхаціць у траве

перамогай жыцця

ў росных слёзах жывых…

Паўстае з небыцця

слава продкаў маіх.

АПОШНЯЯ ДУМКА

Дрот калючы на полі, снарадаў варонкі,

хмары чорнага дыму, нібы кажаны,

посвіст куль у ракітах пранізліва тонкі  —

гэта рэквіем першай сусветнай вайны.

 

Мой акоп невялічкі жаўцеў на адхоне.

Перад ім я насыпаў зямлі бугарок.

Толькі ў цэйсаўскім шкле маю левую скроню

снайпер крыжам злавіў і націснуў курок.

 

Прашыпела ракета і ўспыхнула свечкай,

войкнуў жудасным плачам расійскі снарад.

Напаследак пачуў я той выбух за рэчкай,

дзе хаваўся ў акопе нямецкі салдат.

 

Мне было толькі дваццаць. Мой вораг таксама

быў такім маладым і бязвусым, як я.

Дзесь за Рэйнам заплача ягоная мама,

а за Волгай застогне ў пакутах мая.

 

Ім ніколі не ўбачыць маленечкай рэчкі,

раз’яднанай вайною на два берагі.

Будуць вечна гарэць памінальныя свечкі –

час не мае мяжы мацярынскай тугі.

 

Ён засыпле акопы зямлёй з валунамі.

Згінуць нашы магілы ў лясах крапівы.

Толькі будуць стагоддзямі плакаць над наміў

ў беларускім Заброддзі адны журавы.

Ваенныя брацкія могілкі каля в. Заброддзе

СТРАЧАНАЯ ПАМЯЦЬ

Ажына запляла з гадамі

прамежкі між калматых хвой.

Узгоркі роўнымі радамі

каля балоцьвіны з дрыгвой.

 

Былых зямлянак лазарэтных

імхом зарослыя ірвы,

і праз стагоддзе ледзь прыкметна

сцяжынка ўецца між травы.

 

У цэнтры з камянёў каплічка

і крыж работы каваля.

Гарыць у нішы свечкі знічка,

амаль нябачная здаля.

 

Вакол маленькага Заброддзя,

няведама, з чые віны

ляжаць, забытыя ў народзе,

сляды Вялікай той вайны.

 

Спаўзае неба зорным пухам

за Нарачанку ў небасхіл,

і толькі па начах сіпуха

на дрэвах стогне між магіл.

  * * *

Вялікая вайна! Яе сляды

з палеткаў нашых сцерці немагчыма.

З дакорам пазірае праз гады

на нас, жывых, варонкамі-вачыма.

 

Але няма для памяці мяжы.

Яна жыве стагоддзямі ў народзе.

Заўсёды ў кветках шэрыя крыжы

над брацкімі магіламі ў Заброддзі.

Ваенныя брацкія могілкі каля в. Заброддзе

НЕВЯДОМЫ

Ад берагоў загадкавага Рура

ў край незнаёмы пасярод балот

прывёз цягнік салдата ранкам хмурым…

Вайны Вялікай быў апошні год.

 

Гром кананады далятаў з Усходу.

Туды салдат пайшоў у шынялі,

а вечарам на ўскраіне балота

яго ў траве забітага знайшлі.

 

Ён не паспее зразумець, навошта

яго адправіў кайзер на Усход.

Паведамленне палявая пошта

праз тыдзень адвязе да рурскіх вод.

 

Яго магіла зарасце травою,

і згінуць праз стагоддзе назаўжды,

схаваныя пад мохам і дрыгвою

вайны Вялікай змрочныя сляды.

 СВЯТАЯ ВОЛЯ

Уздоўж Агінскага канала

бетонных бункераў грамады.

Тут некалі вайна гуляла

з іпрытам і выццём снарадаў.

 

З тае пары прайшло стагоддзе.

Цвітуць сярод акопаў зёлкі.

Але ў зямлі што дня знаходзяць

старыя кулі і асколкі.

 

Ад іх вясной зямля рыжэе

на полі ўзвораным за вёскай,

а па краях былой траншэі

растуць асінкі і бярозкі.

 

Няма вайны. Навокал ціха.

Адзін жаўрук звініць у небе.

Чаромхі пах і лёгка дыхаць,

а думкі аб жыцці і хлебе.

 

Які б не завітаў агрэсар,

рабамі нам не быць ніколі.

Таму і вёску каля лесу

народ назваў «Святая Воля».

ПОДПИСЬ ФОТО

У ВЕЧНАЙ ВАРЦЕ

Драўляны храм з высокім ганкам,

крыжы Георгія на браме,

а збоку – рэчка Нарачанка

паміж крутымі берагамі.

 

На іх варонкі і акопы,

схаваныя ў зялёных травах.

Тут вырашаўся лёс Еўропы

ў вайне Вялікай і крывавай.

 

Крынічка чыстая бруіцца

і зіхаціць пяшчаным донцам.

На хвоі кропелька жывіцы

слязой блішчыць у промнях сонца.

 

За храмам – вёсачка Заброддзе

і лес амаль да небасхілу

упарта цэлае стагоддзе

вартуюць брацкія магілы.

ПОДПИСЬ ФОТО
Доска со стихами и короткой информацией о кладбище
ПОДПИСЬ ФОТО

НА ВІЛЕЙСКІХ МОГІЛКАХ

Спіце, салдацікі, ціха пад хвоямі –

роднай дзяржавы сыны.

Невыпадкова вы сталі героямі

гэтай Вялікай вайны.

 

Вы адстаялі ад ворага спадчыну:

нашы лясы і палі.

Пад гімнасцёркамі ладанкі матчыны

вас зберагчы не змаглі.

 

Бомбы, снарады і хмары іпрытныя,

рэкі салдацкай крыві.

Сорамна нам за магілы забытыя

пад гушчаром крапівы.

 

Вас не спалохалі бітвы крывавыя

ля хуткаплыннай Вяллі.

Вечнаю памяццю, вечнаю славаю

ў сэрцы вы нашы ўвайшлі.

ДЗВЕ ВАЙНЫ, А ПАМЯЦЬ АДНА

Каску з рожкамі ўсю ў іржы

пад гнілым пачарнелым пнём

адкапалі каля мяжы

ў агародзе вясеннім днём.

 

Сто гадоў у зямлі яна

праляжала з тае пары,

калі з кайзерам тут вайна

след пакінула на гары.

 

Праз хвіліну яшчэ адну

пад рыдлёўкай знайшлі на дне.

Пра другую зусім вайну

нагадаў яе выгляд мне.

 

Больш паўвека таму назад,

калі быў за Вілейку бой,

гэту каску фашысцкі гад

непаспеў прыхапіць з сабой.

 

Іржавелі яны ў зямлі

побач доўгія ўсе гады.

Выпадкова іх тут знайшлі

як цяжкі напамін бяды.

 

Дзве вайны, а памяць адна –

гэты боль нас пячэ што дня.

А навокал цвіце вясна

і над Віліяй цішыня.

Закрыть меню