Тэма братання падчас Першай сусветнай вайны ў нашым краі вядома аматарам гісторыі, неаднаразова з’яўлялася на старонках мясцовай газеты, знайшла сваё адлюстраванне ў літаратуры. Але з кожным годам знаходзяцца новыя факты тых далёкіх падзей, пра якія цікава даведацца і сёння.
Адна з такіх спраў захоўваецца ў Расійскім дзяржаўным ваенна –гістарычным архіве і тычыцца дазнанню ваеннага ведамства наконт братання ніжніх чыноў 334-га пяхотнага Ірбіцкага палка 84 пяхотнай дывізіі з немцамі ў першы дзень Св. Пасхі 1916 года, які ў тым годзе прыпадаў на 10 красавіка па старым стылі, ці 23 красавіка па новым. Пакуль не знойдзена ранейшых фактаў, то гэтую падзею каля фальварка Тэнчына можна аднесці да першага братання на тэрыторыі Смаргонскага раёна.
Пачатак дазнанню паклаў перахоплены ваеннай цэнзурай ліст радавога кулямётнай каманды Ірбіцкага палка Восіпа Жолабава да сваёй сястры Аўдоці ў г. Гельсінфорс, такую назву меў раней горад Хельсінкі. Высланы ім з нашай мясціны ліст утрымліваў наступную інфармацыю: “Пасху правялі шчасна, нават весела. У першы дзень свята стральбы не было. Мы з немцамі сыходзіліся без стрэльбаў на сярэдзіну і віталіся за руку. А потым зноў па сваім акопам. Немцы гаварылі, што ў іх мала хлеба. Нямецкія салдаты вельмі малодзенькія, гадоў па дзевятнаццаць, прама як хлопчыкі. Быў гармонік, некаторыя танчылі, як нашыя, так і іхнія. Былі афіцэры, але тыя толькі стаялі ў акопах”.
Галоўнакамандуючым арміямі Заходняга фронту генерал –ад’ютантам Эвертам была загадана правесці расследаванне выпадка братання з прыцягненнем мер, каб такія выпадкі больш не паўтараліся. Дазнанне правёў камандзір 333-га Глазаўскага палка палкоўнік Васіль Шорын, які высвятліў наступнае. Радавы 3-га батальёну В. Жолабаў у гэты дзень знаходзіўся на пазіцыі кулямётнай каманды з левага боку ад могілак, што каля вёскі Саковічы. Раніцай ён убачыў, што немцы супраць яго пазіцыі пачалі вылазіць на бруствер, а потым пераходзіць за свае драцяныя загарадкі, абразоўваючы невялікія купкі. Услед за гэтым і з нашай лініі сталі выходзіць салдаты з акопаў і невялікая частка з іх пайшла насустрач немцам. Як нашыя, так і немцы былі без стрэльбаў, але што там рабілася радавы не мог разабраць. Потым Жолабаў чуў, як расказвалі салдаты, нехта з немцаў прынёс гармонік і пад яго яны танчылі.
Прайшло хвілін 10 -15 і афіцэры сталі загадваць, каб салдаты вярталіся ў свае акопы, што яны пачалі рабіць. Неўзабаве злева, з пазіцыі Грузінскага палка, пачалася па немцах стральба з кулямётаў. Указаць на ніжніх чыноў, якія выходзілі на бруствер і прайшлі далей ён не змог, так як не ведаў асабіста тых салдат.
У час дазнання камандзіры рот Ірбіцкага палка удакладнілі іншыя акалічнасці падзеі. Месца братання знаходзілася на левым баку ад былога фальварка Тэнчына, насупраць дарогі на вёску Сялец. Камандзір 3-га батальёну, штабс –капітан Іван Гендрыкаў каля 11 гадзін раніцы ўбачыў, што немцы пачалі махаць белымі хусткамі. Пахаваўшы некалькі трупаў рускіх воінаў, якія заставаліся перад іх акопамі, яны паставілі на месцы брацкай магілы крыж. Не жадаючы наклікаць непрыяцельскага агню на сваіх суседзяў афіцэр не вырашыў адкрыць па немцам агонь, а выставіў за сваімі драцянымі загарадкамі каравул для таго, каб назіраць за ф. Тэнчына.
У журнале ваенных дзеянняў 334-га пяхотнага Ірбіцкага палка за 10 сакавіка падзея была адзначана адным радком: “Днём немцы вылазілі са сваіх акопаў на бруствер, дзе крычалі, танчылі і махалі сцягамі”. Але знаходзіцца ў журнале даволі каштоўная звестка, што на нямецкай пазіцыі ў той час стаяў 263-ці рэзервовы пяхотны полк. Пошук пацвярджэння гэтай падзеі па палкавой хроніцы гэтага нямецкага палка даў вынік. Вось як адлюстравалі немцы братанне: “У нядзелю 23 красавіка 1916 года была цудоўнае вясенняе надвор’е. Як быццам па дамоўленасці, з абодвух бакоў запанавала поўнае спыненне агню. Перад фронтам першага батал’ёну адбылося пахаванне, усё яшчэ ляжачых на зямлі, загінуўшых рускіх салдат. Гэта прывяло да таго, што спачатку адзін, а затым некалькі рускіх пакінулі пазіцыю без аружжа. Нарэшце, на нейтральнай паласе рускія пачалі братанне з нашымі і святкаваць абдымкамі самае лепшае ў Расіі свята –Вялікдзень. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што падзея адбылася ў 374 –м палку”.
Братанні з’яўляліся адкрытымі парушэннямі воінскіх абавязкаў, кантакты з супернікам падпадалі пад воінскі статут аб пакараннях, цягнулі крымінальную адказнасць.
Для іх папярэджання, камандзірам Ірбіцкага палка неаднаразова аддаваліся загады не давяраць выкінутаму беламу сцягу, не дапускаць ніякія размовы з праціўнікам, а ў выпадку набліжэння да нашых акопаў, неадкладна адкрываць агонь. Вось чаму за дапушчаны выхад некалькіх ніжніх чыноў на ўчастку 3 –га батал’ёну, неўстанаўленні іх асобаў і неадкрыццю агня на штабс –капітана Гендрыкава было накладзена спагнанне.
Праз год з лішкам, у час летняга наступлення 1917 г. гэты ўчастак братання пад Тэнчынам зноў прыцягне да сябе ўвагу. Праз яго павядуць атаку на Наваспаскі лес штурмавыя роты, разам з жаночай камандай смерці Бачкаровай. Тут будуць разгортвацца зусім іншыя ваенныя падзеі, якія таксама ўвойдуць у гісторыю той сусветнай вайны.
![](http://krokiww1.by/wp-content/uploads/2024/12/Месца-братання-на-Пасху-1916-года-1-1024x693.jpg)
![](http://krokiww1.by/wp-content/uploads/2024/12/Месца-братання-на-Пасху-1916-года-2-1024x693.jpg)
![](http://krokiww1.by/wp-content/uploads/2024/12/Месца-братання.-Від-з-рускай-пазіцыі-1024x702.jpg)
![](http://krokiww1.by/wp-content/uploads/2024/12/Месца-братання.-Від-з-нямецкай-пазіцыі-1024x703.jpg)
![](http://krokiww1.by/wp-content/uploads/2024/12/Здымак-братання-з-інтэрнэту-1024x795.jpg)
![](http://krokiww1.by/wp-content/uploads/2024/12/Фотаздымак-з-калекцыі-Ул.-Багданава.jpg)
Фотаздымак з калекцыі Уладзіміра Багданава.
УЛАДЗІМІР ПРЫХАЧ, 12.01.2024г.