Архіўныя крыніцы пра Залатую Горку
Уладзімір Прыхач
Гісторыя барацьбы за Залатую Горку ў годы Першай сусветнай вайны на працяглы час была выкрэслена з нашай памяці і толькі дзякуючы знаходкам апошняга часу пакрысе пачала раскрываць свае таямніцы. Першыя крокі па аднаўленню падзей зрабіла напрыканцы мінулага стагоддзя супрацоўніца Смаргонскага краязнаўчага музея Н.Маркава ў серыі публікацый пад назвай “На скрыжаванні ваенных віхур”. З дапамогай назапашаных ёю ад мясцовых жыхароў успамінаў і пісьмовых крыніц Надзея Емельянаўна паспрабавала ўзнавіць гісторыю змагання за вышыню, прасачыць лёс матэрыяльных памятак тых падзей. Працягнуў вывучэнне тэмы знаны даследчык сусветнай вайны ў нашым краі Уладзімір Лігута. Дапоўнілі гэтыя матэрыялы звесткі з палкавой гісторыі 101 нямецкага ландвернага палка 14 ландвернай дывізіі і фотаздымкі стану варонак ад падземна – міннай атакі, якімі падзяліўся Уладзімір Багданаў. (гл. “Светлы шлях”, №37 ад 11.09.2015, №38 ад 18.09.2015).
Нарэшце, сёння мы маем магчымасць пазнаёміцца з некалькімі архіўнымі матэрыяламі Расійскага дзяржаўнага ваенна –гістарычнага архіва, якія перадаюць маштаб былой барацьбы і трагізм ваенных падзей больш чым стогадовай даўніны. З восені 1915 года перадавыя акопы рускіх праходзілі па заходняй ускраіне горада. На поўначы Смаргоні лінія фронта рэзка збочвала на паўночны –усход і утварала тут небяспечны выступ, што дазваляла праціўніку пры сваіх паспяховых дзеяннях выйсці ў тыл часцям 10 рускай арміі.
Але рускія войскі таксама маглі пры прарыву гэтага ўчастка абысці горад і развіць наступленне на Вільню. На пагорку гэтага выступа, які на даваенных тапаграфічных картах быў пазначаны адпаведным знакам з вышынёю ў 72.9 сажняў, немцы будуюць моцныя бетонныя ўмацаванні і назіральны пункт. У службовых дакументах ён узгадваецца як “вышыня 72.9”, рускія салдаты называюць гэты ўмацаваны пагорак Залатой Горкай.
Для захопу пяхотай і ўтрымання за сабой вышыні, рускія сапёры пракладваюць у яе бок падземныя галерэі. З кароткага апісання баявой работы 52 сапёрнага батальёна можна даведацца, што другая сапёрная рота пад камандваннем штабс–капітана Аляксеева з 13 (26) красавіка па 19 (02.07) чэрвеня 1916 года вяла тут падрыхтоўчыя работы да міннай атакі. Работы вяліся ў надзвычай цяжкіх умовах, абцяжарвалі вядзенне галерэй вялікая колькасць ваданосных жыл і пяшчаная глеба. Аднойчы пры абстрэле нашай пазіцыі цяжкімі снарадамі праціўнікі адбыўся абвал, якім заваліла змену сапёраў. Самаадданай работай іншых змен, пры працягваючымся артылерыйскім агню, асуджаныя на смерць сапёры былі выратаваны. Галерэя даўжынёй у 70 сажняў (1 сажень роўны 2.13 м.), з двума бакавымі адгалінаваннямі ў 30 і 29 сажняў былі праведзены пад драцяныя загарадкі праціўніка.
У кожную галерэю былі закладзены горны, г. зн. зарады ў 500 пудоў (1 пуд роўны 16 кг.) пораху кожны. Праведзеным узрывам утвораны тры варонкі і знішчана драцяная загарадка ў 80 сажняў, разбураны бліндажы, першая і другая лінія акопаў суперніка. Далей сапёры былі размеркаваны па ротам атакуючага Акерманскага палка, садзейнічалі заняццю варонак і вышыні. Рота ў час атакі страціла забітымі, параненымі і кантужанымі 27 ніжніх чыноў. Па сведчанню палонных, немцы спрабавалі весці сваю контрмінную галерэю, але вымушаны былі спыніць работу з –за цяжкіх умоў.
У журнале ваенных дзеянняў 255 пяхотнага Акерманскага палка знаходзіцца вартая ўвагі інфармацыя пра падрыхтоўку і правядзенне наземнай атакі на вышыню. З мэтаю выканання пастаўленнага ў пачатку чэрвеня задання “узяць і ўтрымліваць за сабою вышыню 72.9”, часцямі палка вывучаюцца ўсе падыходы да яе, а на спецыяльна ўтвораным у тыле плацдарме праводзяцца прыкладныя манёўры па захопу вышыні і варонкі ад мяркуемай падземна –міннай атакі. Вечарам 18 (01.07) чэрвеня Акерманскі полк займае свой баявы ўчастак насупраць вышыні, спакойна і мужна вытрымліва начную газавую атаку немцаў. У другой палове дня часткі палка займаюць указаныя ім месцы для штурму Залатой Горкі. Роўна ў 21г. 45хв. 19 (02.07) чэрвеня 1916 года адбываецца першы, а за ім астатнія два падрыва горнаў. Усё вакол ахутваецца дымам, уверх паднімаецца вялікая маса зямлі, пяску і каменняў. Выбух быў такой моцы, што першая наша траншэя была зусім разбурана і засыпана зямлёю. Вецер меў напрамак у наш бок і гэтым, збольшага, тлумачыцца завальванне зямлёю ад выбуха першай траншэі. Да таго, ад уздрыгу глебы, стыкі першай траншэі амаль злучыліся, прыціснуўшы такім чынам знаходзячыхся там людзей. Назначаныя для атакі часткі Акерманскага палка імклівым ударам прайшлі некалькі ліній нямецкіх акопаў, захапіўшы вышыню 72.9, палонных, кулямёты і іншыя трафеі. На працягу чатырох гадзін байцы адбілі агнём і штыхамі некалькі моцных нямецкіх контратак. Валодаючы значнай перавагай артылерыі, супернік засяроджаным агнём шматлікіх гармат па захопленай намі пазіцыі, вымусіў акерманцаў ачысціць вышыню і адыйсці да варонак.
У гэтым цяжкім баі імклівы парыў і выключную мужнасць праявілі ніжнія чыны і афіцэры палка. Камандзір палка Д.С.Усеволжскі, яшчэ раніцай атручаны газам, застаўся ў страю і кіраваў атакай. Знаходзіўся ўвесь час у перадавой лініі начальнік штаба дывізі падпалкоўнік М.Г.Драздоўскі, у будычым адзін з выдатных арганізатараў і кіраўнікоў Белага руху. Ён паклаў шмат энергіі пры падрыхтоўцы атакі, а ў час бою сваёй працай і ведамі дапамагаў камандзіру палка.
Пра маштабы штурму вышыні сведчыць колькасць выкарыстаных патронаў: 603 тысячы вінтовачных і 100 тысяч кулямётных. Але яшчэ больш уражваюць страты, якія панеслі байцы Акерманскага палка. З ліку ўдзельнічаючых у атацы 60 афіцэраў палка, выбылі са строю 28 чалавек. Сярод ніжніх чыноў страты яшчэ больш уражлівыя: загінула — 513, паранена — 665, кантужана — 48, без вестак загінула — 19, атручаны газам — 6. Чэсць і слава іх памяці!
Пасля змены ў панядзелак 20 (03.07) чэрвеня Акерманскага палка Елізаветградскім палком атакі на вышыню паўтараюцца. У наступныя тры дні барацьбу за пазіцыю варонак працягваюць байцы Перакопскага палка, якія змянілі Елізаветградскі полк. 23 (06.07) чэрвеня 1916 года ў 21г. 30хв. роты перакопцаў па загаду начальніка дывізіі адышлі да сваіх акопаў і занялі ранейшае палажэнне. Страты ў гэты перыяд за кожны дзень змагання цяжка падлічыць, але яны былі значнымі і складалі па некалькі сотняў воінаў штодзённа. Вось таму за гэтыя вялікія ахвяры рускія салдаты празвалі горку Залатой
З дасланых у Смаргонь у 1957 годзе успамінаў былога салдата 258 пяхотнага Кішынёўскага палка М.Р.Мамантава можна даведацца не толькі пра барацьбу за “вышыню 72.9”, але і пра месца ўзнікнення добравядомага салдацкага выказвання. “Тут некалькі разоў вызначаўся прарыў нямецкага фронту, але прарваць не дазваляла моцнае ўмацаванне. Надыходзячыя палкі ў баях немец разбіваў, гэтыя палкі папаўнялі новымі сіламі і назад у бой. Таму ў салдат склалася пагалоска: “Хто пад Смаргонню не бываў, той вайны не бачыў”.
УЛАДЗІМІР ПРЫХАЧ, 06.04.2020г.